ИНСТИТУТ ИНФОРМАЦИОННЫХ ТЕХНОЛОГИЙ
БЕЛОРУССКОГО ГОСУДАРСТВЕННОГО УНИВЕРСИТЕТА ИНФОРМАТИКИ И РАДИОЭЛЕКТРОНИКИ
Поиск Карта сайта

Артыкул у "Настаўніцкай газете": "Інтэграцыя сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі:ВЫГАДНА ЎСІМ"

Артыкул у
№8 24 студзеня 2013 года
 
 
 Інтэграцыя сярэдняй спецыяльнай

і вышэйшай адукацыі:

ВЫГАДНА ЎСІМ
 
 
 
Штогод ва ўніверсітэты паступае вялікая колькасць абітурыентаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Звычайна гэта людзі з запасам ведаў па спецыяльнасці, якія да таго ж працуюць, а таму вельмі зацікаўлены максімальна скараціць сваё знаходжанне ва ўніверсітэце. Некаторыя УВА зараз пачалі актыўна развіваць скарочанае навучанне для такой катэгорыі студэнтаў. Вялікі вопыт у гэтым накірунку мае Інстытут iнфармацыйных тэхналогій БДУІР.
 
ІІТ БДУІР адным з першых у краіне стаў практыкаваць скарочанае навучанне выпускнікоў каледжаў. Як вядома, неабходнай умовай гэтага з’яўляюцца дамовы з установамі сярэдняй спецыяльнай адукацыі і ўзгодненыя вучэбныя планы, каб выпускнікі каледжаў ва ўніверсітэце не паўтаралі ўжо пройдзеныя дысцыпліны. Гэта і дае рэзерв для скарачэння тэрмину навучання. Зараз факультэт камп’ютарных тэхналогій (менавіта тут засяроджана ўся работа) ІІТ БДУІР мае дагаворы аб супрацоўніцтве з 48 ўстановамі сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Геаграфія каледжаў — гэта ўся Беларусь: не толькі абласныя, але і раённыя цэнтры — Ліда, Наваполацк, Ашмяны, Маладзечна, Орша і г.д. У сталіцы каля 15 партнёрскіх каледжаў.
Звычайна шмат сваіх выпукнікоў “пастаўляюць” Мінскі дзяржаўны каледж электронікі, Мінскі дзяржаўны вышэйшы радыётэхначны каледж, Мінскі прыватны каледж прадпрымальніцтва, каледжы бізнеса і права Мінска, Гродна і Брэста, усе палітэхнічныя каледжы i коледжы сувязi краіны. Факультэт імкнецца падтрымліваць сувязі і з тымі ССНУ, з якіх не кожны год прыходзяць абітурыенты.
Каледжы ахвотна ідуць на супрацоўніцтва, бо ім не ўсё роўна, што адбываецца з выпускнікамі. Як i школы, ССНУ адсочваюць і ўключаюць у свае справаздачы, куды пайшлі выпускнікі — на вытворчасць альбо вучыцца далей. З шэрагам каледжаў ІІТ БДУІР мае дагаворы аб мэтавай падрыхтоўцы. Яны дасылаюць на скарочанае навучанне ў ІІТ БДУІР цэлыя групы выпускнікоў. Напрыклад, з Віцебскага фiлiяла дзяржаўнага каледжа сувязі ў 2012 годзе паступіла аж тры групы мэтавікаў. Яны так і вучацца цэлымі суполкамі, іх не расфарміроўваюць.
Цяжкасці ўзнікаюць у абітурыентаў, якія атрымалі сярэднюю спецыяльную адукацыю вельмі даўно, а таксама ў Расійскай Федэрацыі — іх інстытут ну ніяк не можа прыняць.
Доўгі час для развіцця скарочанага навучання не было прававой базы. Да прыняцця Кодэкса аб адукацыі ў БДУІР кіраваліся толькі рашэннем калегіі Міністэрства адукацыі. З 1 верасня 2011 года ў кодэксе ўзаконена “навучанне па навучальных праграмах вышэйшай адукацыі І ступені, інтэграваных з навучальнымi праграмамi сярэдняй спецыяльнай адукацыі”.
Нездарма і іншыя УВА імкнуцца развіваць такую форму навучання. Гэта вельмі выгадна, напрыклад, каб кампенсаваць недахоп абітурыентаў з ліку выпускнікоў сярэдняй школы.
Трэба яшчэ раз падкрэсліць, што навучанне выпускнікоў каледжаў па інтэграваных планах у БДУІР сканцэнтравана менавіта ў Інстытуце інфармацыйных тэхналогій і менавіта на адным факультэце — факультэце камп’ютарных тэхналогій. Універсітэт пайшоў такім шляхам і не прагадаў. Практыка паказала, што гэта аптымальна з усіх бакоў, і ў першую чаргу з пункта гледжання арганізацыі ўзаемадзеяння з каледжамі: з кожным з іх факультэт узгадняе вучэбныя планы індывідуальна.
Першая і галоўная перавага такой формы навучання — скарочаны тэрмін. Выпускнікі каледжаў вучацца ў ІІТ БДУIР 4 гады, тады як поўны тэрмін завочнага навучання ва ўніверсітэце складае 6 гадоў. У бліжэйшай перспектыве вышэйшую адукацыю можна будзе атрымаць яшчэ хутчэй. Як вядома, у Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі скарачаюцца тэрміны і на дзённай, і на завочнай форме навучання. Ужо ёсць дазвол Міністэрства адукацыі скараціць падрыхтоўку па інтэграваных планах яшчэ на паўгода. Эканомія часу аўтаматычна цягне з асабой і эканомію грошай, бо адукацыя на факультэце камп’ютарных тэхналогій ІІТ толькі платная. Але ў адрозненне ад універсітэта, тут плата ніжэйшая.
Простыя падлікі паказваюць, якія перавагі можна атрымаць, калі паступіць у каледж пасля 9 класаў школы, а потым па скарочанай праграме завочна атрымаць вышэйшую адукацыю. Па-першае, такая схема дазваляе пайсці працаваць і стаць фінансава самастойным ужо ў 19 гадоў. А па-другое, пасля каледжа можна змяніць спецыяльнасць, нават калі і на роднасную, то гэта ўсё роўна ў далейшым пашырыць магчымасці працаўладкавання.
У ІІТ БДУІР арганізавана навучанне ў скарочаныя тэрміны па 11 спецыяльнасцях інжынернага радыёэлектроннага и телекамуникацыйнага профілю, а таксама ІТ-профілю. Напрыклад, самая папулярная праграмісцкая спецыяльнасць “Праграмнае забеспячэнне інфармцыйных тэхналогій” сёння ёсць ва многіх каледжах. Але тэхнікі-праграмісты — выпускнікі ССНУ — могуць выбіраць у інстытуце ўжо з трох спецыяльнасцей: аналагічнай, “Інфамацыйныя сістэмы і тэхналогіі ў эканоміцы” і “Інфармацыйныя тэхналогіі і кіраванне ў тэхнічных сістэмах”.
 
Ёсць и мінусы. Тым, хто працуе, а сярод студэнтаў інстытуца менавіта такія маладыя людзі, дастаткова складана знаходзіць час для вучобы. Асабліва не пазайздросціш тым студэнтам, якія вучацца на вячэрняй форме: кожны дзень пасля працы яны ідуць на вучобу і знаходзяцца ў інстытуце да 22 гадзін.
Шмат студэнтаў-завочнікаў забіраюць у армію: калі раней для іх прадугледжвалася адтрміноўка, то некаторы час назад яе адмянілі. У мінулым годзе на тэрміновую службу пайшлі каля 70 студэнтаў факультэта. Па месцы вучобы ім даецца водпуск на час службы ва Узброеных сілах.
 
Паступленне
Штогод на факультэт камп’ютарных тэхналогій паступае вельмі шмат маладых людзей. Дэкан прывёў такую статыстыку: калі ў 2009—2010 навучальным годзе факультэт налічваў каля 1400 студэнтаў, у наступным іх стала 1800, а на 1 верасня 2012 года тут было ўжо 2860 студэнтаў. На першы курс летась паступіла 820 чалавек, прычым конкурс сярод іх быў большы, чым агульны конкурс па ўніверсітэце. Заявы падалі каля 1040 чалавек.
Наступны прыём, паводле планаў, будзе большы, чым у мінулым годзе, яшчэ на 100 чалавек.
Залічэнне ідзе па двух сертыфікатах цэнтралізаванага тэсціравання (па мове і матэматыцы), унутраным экзамене па прадмеце “Асновы інфармацыйных тэхналогій”. Яшчэ адна адзнака — гэта сярэдні бал атэстата каледжа.
Па словах Рыгора Міхайлавіча, унутраны іспыт уяўляе сабой некаторую цяжкасць для паступаючых. Напрыклад, сёлета з ім не справіліся 147 чалавек. Яшчэ каля 70 чалавек не прайшлі па конкурсе. Пасля каледжа ёсць аб’ектыўныя праблемы і са здачай ЦТ, таму частка абітурыентаў мае даволі нізкія балы сертыфікатаў.
 
Вучоба
Затое ў каледжах захаваўся вялікі аб’ём практык, дзякуючы чаму іх выпускнікі выйгрышна выглядаюць з пункта гледжання практычна падрыхтоўкі. Яны добра ведаюць сваю спецыяльнасць і вельмі матываваны на працяг адукацыі: яны прыйшлі вучыцца не пад націскам бацькоў, абставін, грамадскай думкі, а згодна з уласнымі планамі. У ІІТ адзначаюць, што з такімі студэнтамі працаваць лягчэй, чым з учарашнімі школьнікамі.
Іх недахоп — слабая тэарэтычная база.
— Сённяшняе пакаленне студэнтаў на “ты” з самай сучаснай тэхнікай, вельмі хутка асвойвае новыя мадэлі, — дзеліцца назіраннямі Р.М.Шахлевіч, — але ў іх іншае, больш фармальнае мысленне, з-за чаго парой прасцейшыя задачы, якія патрабуюць прымянення тэарэтычных ведаў, у іх выклікаюць цяжкасць. Гэтаму “садзейнічае” і тое, што мы, выкладчыкі, імкнёмся даць студэнтам як мага больш інфармацыі, выкарыстоўваем інтэнсіўныя методыкі выкладання. Ці заўсёды гэта дае фундаментальныя веды?
Яшчэ адна педагагічная праблема, якая непакоіць дэкана, — як прызвычаіць студэнтаў працаваць самастойна. Электронныя вучэбна-метадычныя комплексы ў ІІТ ёсць па ўсіх прадметах, але імі яшчэ трэба навучыцца правільна распараджацца.
 
Навучанне людзей з абмежаванымі магчымасцямі
З нядаўняга часу ІІТ пачаў прымаць на скарочанае навучанне асоб з абмежаванымі магчымасцямі.
— У гэтым годзе мы залічылі маладых людзей з парушэннямі слыху. Спрабавалі паступаць двое інвалідаў-калясачнікаў, але не справіліся з унутраным экзаменам, — расказаў Рыгор Міхайлавіч. — Вельмі шкада, але з другога боку, на факультэце амаль што няма ўмоў для іх навучання. Патрэбна, каб было безбар’ернае асяроддзе, спецыяльныя методыкі выкладання. Акрамя таго, у каледжы студэнты з інваліднасцю вучыліся за кошт дзяржаўных сродкаў, а ў нас вымушаны плаціць на агульных умовах. На мой погляд, гэта не вельмі справядліва.
Тым не менш на факультэце плануюць далей пашыраць магчымасці для навучання студэнтаў з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця. Таму разлічваюць на бюджэтнае фінансаванне.
— У бліжэйшыя гады, — дзеліцца планамі дэкан, — мы маглі б адкрыць дыстанцыйнае навучанне для інвалідаў, якія сканчваюць каледжы.
Зараз, як вядома, асобы з абмежаванымі магчымасцямі могуць атрымліваць вышэйшую адукацыю
на факультэце дыстанцыйнай адукацыі БДУІР, але ў поўны тэрмін.
 

Іна НІКІЦЕНКА.